|
Творчая сустрэча з літаратарам Анатолем Тарасам, які піша пра гісторыю Беларусі, адбылася 22 лістапада ў Баранавічах па ініцыятыве сяброў Таварыства беларускай мовы.На жаль, аддзел культуры Баранавіцкага гарвыканкама адмовіўся выдзеліць памяшканне Цэнтральнай бібліятэкі, таму сустрэча адбылася на прыватнай кватэры па вуліцы Міцкевіча. У сустрэчы прынялі ўдзел каля паўсотні чалавек, якія імгненна разабралі ўсе кнігі, прывезеныя Анатолем Тарасам, сярод іх быді актывісты Маладога Фронту і моладзі БНФ.
А кніг было шмат. Пад рэдакцыяй Анатоля Тараса выйшла кніга “Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV-XVIІ веках” (перавыдавалася тры разы фантастычным для Беларусі тыражом у тры тысячы асобнікаў). Дарэчы, гэта кніга разглядалася спецыяльным камітэтам Дзяржаўнай Думы Расіі, якая была заклапочана ростам антырасійскіх настрояў у беларускім грамадстве.  Аўтар-выдавец таксама прэзентаваў: “Анатомия ненависти. Российско-польские конфликты в XVIII-ХХ веках”, “История имперских отношений: белорусы и россияне”, “Тайны беларускай истории”. Анатоль Тарас заняўся гісторыяй, каб абудзіць цікавасць беларусаў да роднай гісторыі і перавярнуць свядомасць людзей. Ён сцвярджае, што ў незалежнай Беларусі пануе да гэтага часу дзяржаўная бальшавіцкая ідэалогія. Няма СССР, няма КПСС, а іх ідэалогія жыве. Таму аўтар спрабуе ацаніць айчынную гісторыю з пазіцыі беларускага народа. У сваіх кнігах ён бліскуча паказаў, як Польшча і Расія ўжо некалькі стагоддзяў змагаюцца за Беларусь. Напрыклад, у 1921 годзе на перамовах палякаў і саветаў у Рызе кіраўнік савецкай дэлегацыі Іофе аддаваў усю Беларусь Польшчы, з умовай, што палякі саступяць РСФСР Валынь. У гэтым супрацьстаянні палякаў і рускіх найбольш цярпеў беларускі народ. Напрыклад, падчас наступлення на Варшаву ў ліпені-жніўні 1920 года Чырвоная Армія прымусова прыцягнула 85 тысяч беларускіх сялян з коньмі і вазамі для падвозу снарадаў, харчавання, фуражу. Лёс гэтых людзей трагічны, бо яны апынуліся ў самым цэнтры гэтай крывавай барацьбы. Цяперашнія беларускія падручнікі па гісторыі замоўчваюць, што адступаючая ад Варшавы Чырвоная Армія ў верасні 1920 года пацярпела страшнае паражэнне на Нёмане: у палон трапіла 100 000 чырвонаармейцаў, большасць якіх памерла ад голаду і хваробаў. У гэтых падручніках нічога няма пра рэпрэсіі пасля “вызвалення” Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года. Анатоль Тарас падлічыў, што расправы без суда з боку саветаў толькі ў верасні 1939 года прывялі да смерці 25 тысяч чалавек. Забівалі нават, каб забраць у чалавека боты, гадзіннік, жыллё, маёмасць. І ніякіх судоў. Дык чытайце Анатоля Тараса, і вы будзеце добра ведаць і ганарыцца беларускай гісторыяй. Тарас сцвярджае, што будзе цяжка, але вельмі цікава жыць. Хутка нас чакаюць вялікія перамены. Але пакуль Беларусь адзіная ў Еўропе краіна, у якой як будучыня, так і мінулае непрадказальныя. Дарэчы, Анатоль Тарас у маладосці служыў у выведцы, удзельнічаў у некалькіх аперацыях ГРУ, потым закончыў філасофскае аддзяленне БДУ. Ён мае “чорны пояс” па дзю-дзюцу і вьет-ва-даа, таму вучыў байцоў-арабаў рукапашнаму бою, узрываць нафтавыя вышкі амерыканскіх імперыялістаў. Цяпер стаў літаратарам, прафесарам псіхалогіі і з 1992 года піша артыкулы і выдае кнігі па гісторыі Беларусі. Яго продкі былі прафесійнымі службоўцамі, ваявалі на тарасніцах (тарасніца – маленькая гармата). Адсюль і паходзіць прозвішча Тарас. Сёння аўтар рыхтуе да выдання кнігу “Савецкія партызаны: міфы і легенды”.
intex-press фота Віктара СЫРЫЦЫ Віктар СЫРЫЦА, старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы |