Даследчы цэнтр Freedom House апублікаваў штогадовую справаздачу аб становішчы правоў чалавека ў свеце.
Паводле ацэнак цэнтра, Беларусь апынулася сярод дзяржаваў, якія найбольш жорстка ўціскаюць правы і свабоды чалавека, паведамляе «Радыё Свабода».
Справаздача Freedom House сведчыць, што Беларусь апынулася ў перадапошняй групе дзяржаваў па ступені захавання правоў і свабодаў сваіх грамадзянаў. Разам з ёй — Кітай, Чад, Лаос, Саўдаўская Аварыя і Сірыя.
Як сведчыць Freedom House, «нягледзячы на стымулы з боку Еўразвяза ў накірунку правядзення рэформаў, Аляксандр Лукашэнка захаваў жорсткі кантроль над палітычнай і эканамічнай сістэмай у Беларусі ў 2009 годзе».
На думку Freedom House, у Беларусі парушаецца свабода палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, сродкаў масавай інфармацыі і рэлігійных арганізацыяў, забароненае правядзенне масавых акцыяў і агульнаграмадзянскіх выбараў.
Паводле класіфікацыі Freedom House, суседнія з Беларуссю краіны па палітычных і грамадзянскіх правах маюць супрацьлеглыя паказчыкі: Літва (1-1), Латвія (2-1), Польшча (1-1), Украіна (3-2) лічацца свабоднымі. Несвабоднай суседкай застаецца толькі Расея (6-5), але і яе паказчыкі лепш, чым у Беларусі.
7 балаў, што азначае горшае становішча, - Беларусь атрымала адносна паказчыку палітычнай свабоды. |